ІНКАРПАРАВА́НЫЯ МО́ВЫ, полісінтэтычныя мовы,
структурны тып моў, якія складаюцца са славесных комплексаў або слоў-сказаў, пабудаваных паводле прынцыпу інкарпарацыі. Да іх належыць шэраг палеаазіяцкіх моў (карацкая, ніўхская, чукоцкая і інш.), мовы паўн.-амер. індзейцаў (дакота, пают, хупа і інш). У асобную тыпалагічную групу І.м. вылучыў у 19 ст. В.Гумбальт. Вылучэнне іх у адметны тып моў не з’яўляецца агульнапрынятым у сучаснай лінгвістыцы, бо пэўнымі структурнымі прыкметамі яны аб’ядноўваюцца з аглюцінатыўнымі мовамі.
Літ.:
Гумбольдт В. Избр. труды по языкознанию. Пер. с нем. М., 1984.
т. 7, с. 259
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)